МІ́НСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ЛЯЛЕК «БАТЛЕ́ЙКА».

Створаны ў 1990 у г. Маладзечна Мінскай вобл. Заснавальнік і маст. кіраўнік у 1990—92 рэжысёр-лялечнік С.​Юркевіч. З 1992 маст. кіраўнік Г.​Карбаўнічая, у 1994—95 — Ю.​Сарычаў. Т-р арыентуецца на стараж. бел. мастацтва батлейкі, у падмурку якога традыцыі хрысц. духоўнасці. Працуе з рознымі сістэмамі лялек (марыянетка, трысцінавая, пальчаткавая, планшэтная, тантамарэска, шпянёвая), а таксама ў «жывым плане». У спектаклях выкарыстоўваюцца дэкарацыі, стылізаваныя ў адпаведнасці з афармленнем традыц. бел. батлейкі, а таксама нар., аўтэнтычныя сродкі выразнасці. Т-р імкнецца стварыць свой адметны, нац. рэпертуар. Сярод найб. значных пастановак: «Дзівосныя авантуры паноў Кубліцкага ды Заблоцкага» П.​Васючэнкі і С.​Кавалёва, «Піліпка і Ведзьма» і «Хохлік» Кавалёва, «Меч Анёла» І.​Сідарука, «Чароўны камень» В.​Лукшы, «Мая Іліяда» У.​Караткевіча, «Казкі з куфэрка» А.​Жугжды, «Пакінуты ўсімі» А.​Ляляўскага, «Казкі Несцеркі» і «Сіняя світа» А.​Туравай, «Доктар Айбаліт» У.​Карастылёва і інш. У розны час у т-ры працавалі рэжысёры М.​Андрэеў, Жугжда, В.​Калядзіч, Ляляўскі, В.​Шылкоўскі; гал. мастак — В.​Рачкоўскі. Т-р удзельнічаў у міжнар. фестывалях т-раў лялек Беларусі (1993, 1995, 1999), у Германіі (1992, 1993), Італіі (1996, 1997), Польшчы (1999).

С.​Ф.​Юркевіч.

Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка» (Маладзечна). Сцэна са спектакля «Доктар Айбаліт» У.​Карастылёва.
Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка» (Маладзечна). Сцэна са спектакля «Хохлік» С.​Кавалёва.

т. 10, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)